МЕ́НЧУ ТУМ (Menchu Tum) Рыгаберта (н. ў 1959, в. Чымель, Гватэмала),
дзеяч індзейскага нацыянальнага руху ў Гватэмале. З малалецтва працавала на плантацыях і прыслугай у багатых дамах. Бацька М.Т., лідэр індзейскай арг-цыі К-т сял. адзінства Вісенце Менчу, загінуў, калі на чале групы паплечнікаў захапіў у студз. 1980 пасольства Швецыі ў Гватэмале з мэтай прыцягнуць увагу сусв. грамадскасці да злачынстваў урадавых войск супраць індзейцаў; два яе браты забіты карнікамі. У 1981, ратуючыся ад праследавання, уцякла ў Мексіку, дзе стала вядомым індзейскім лідэрам, узначаліла «Нар. фронт 31 студзеня імя Вісентэ Менчу». У 1982 франц. журналістка Б.Дэбрэ выдала на падставе сведчанняў М.Т. кнігу «Сведчанне. Мяне завуць Рыгаберта Менчу», якая зрабіла вял. ўплыў на сусв. грамадскую думку і схіліла яе да падтрымкі барацьбы індзейцаў Гватэмалы за свае правы. У 1996, пасля заканчэння грамадз. вайны ў Гватэмале, вярнулася на радзіму, дзе лічыцца адным з найб. уплывовых індзейскіх лідэраў. Нобелеўская прэмія міру 1992.
Літ.:
Гончарова Т.В. Ригоберта Менчу Тум — индейский лидер Гватемалы // Латинская Америка. 2002. № 10.
В.У.Адзярыха.
т. 18, кн. 1, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)